6.07.2016 а 16:30 у Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі па вул. Карповіча, 4 адбудзецца урачыстае адкрыцце выставы жывапісу Анатоля Отчыка «Сцежкамі вандровак».
Выставачны праект «Сцежкамі вандровак» прысвечаны творчай дзейнасці гомельскага жывапісца Анатоля Отчыка, які прадстаўляе Беларускі саюз мастакоў з 1986 года. Актыўны ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных выстаў і пленэраў з 1978 года, Анатоль Уладзіміравіч сфармаваў асаблівы падыход да жывапісу на адкрытым паветры.
Мастак выкарыстоўвае пленэр не проста як магчымасць адлюстраваць усё багацце і прыгажосць кутка прыроды. Даць ўражанне унікальнасці аб,екта і напоўніць яго пранікнёным зместам. А гэта магчыма толькі тады, калі майстар прыўносіць сваё асэнсаванне. Фотаграфічнасць – нішто, ідэя – усё. Згодна з гэтым прынцыпам, жывапісец падключае свае эмоцыі, ўражанні, успаміны, імкненні, ідэалы.
На пле
нэры майстар, вобразна кажучы, паміж небам і зямлёй. Спалучаючы зямное і ўзвышанае, ён стварае маляўнічую прастору, у якой і веліч прыроды, і – адначасова – яе патаемнасць. Пры гэтым выразна адчувальна, што мастак свядома атрымаў у спадчыну культуру сваіх продкаў. Прырода, якая здаўна была для чалавека не толькі прасторай, якое дае пражытак, і для Анатоля Отчыка стала той субстанцыяй, якая даруе духоўную і фізічную энергію.
З›явіўшыся ў гісторыі сусветнага мастацтва як форма адлюстравання жывога пульсу прыроды, пленэр сёння выкарыстоўваецца як самастойны від мастацтва. Такія мастакі, як Анатоль Отчык, раскрываюць патэнцыял пленэрнай творчасці, рэалізуючы ідэі ўжо не камернага фармату (як у французскіх імпрэсіяністаў), а поліфанічнага гучання. Набыўшы багацейшы вопыт удзелу ў больш чым 20-ці пленэрах розных узроўняў (у большасці – міжнародных), Анатоль Отчык ўвасабляе ў гэтай свабоднай форме маштабныя задачы, напаўняючы свае эцюды філасофскім зместам.
Уносячы ў той ці іншы убачаны пейзаж патаемныя пачуцці, мастак ўдумліва і віртуозна – як майстар абагульнення – матэрыялізуе ідэю, у якой не асабісты характар, а больш глыбокі сэнс, які хвалюе гледача, абуджае да роздумаў.
Алег Ананьеў — член Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснікам дырэктара па рэкламе і рабоце з грамадскасцю Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна