Адкрыцце выставы адбудзецца 13 красавіка 2016 г. а 16 гадзіне.
З 13 па 22 красавіка 2016 года ў межах плана мерапрыемстваў да 30-годдзя гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі (г.Гомель) будзе праходзіць выстаўка жывапісу, прысвечаная дадзенай тэме.
Выстаўка арганізавана па даручэнню Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем, Беларускім саюзам мастакоў і Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў.
Выстаўка складзена з твораў з калекцый Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Нацыянальнага мастацкага музея, Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага і Карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі.
Мэта выстаўкі заключана ў тым, каб на аснове твораў з майстэрняў і калекцый музеяў даць гледачу ўяўленне аб духоўным змесце, накірунках i імкненнях мастацтва таго па-свайму трагічнага лёсу пакалення, што было закранута наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, і раскрыць тэму сёняшняга мірнага жыцця, якое паступова вяртаецца на некалі абпаленую радыяцыяй беларускую зямлю.
Пераважная большасць жывапісных твораў на выстаўцы адносіцца да жанру краявіду, i гэта невыпадкова. На фоне зместу іншых выставачных праектаў, выpaшана надаць драматычнай тэме больш спакойны акцэнт.
Дамінантай экспазіцыі нашай выстаўкі з`яўляюцца творы адных з заснавальнікаў беларускай акадэмічнай школы, народных мастакоў Беларусі, Міхаіла Савіцкага (1922-2010) і Гаўрыіла Вашчанкі (1928-1914), прадстаўнікоў “суровага стылю” заслужаных дзеячаў мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэеева (1926-2013) і Міхаіла Рагалевіча (1932-2010). Асобнае месца належыць заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Кожуху (1953), Валерыю Шкарубе (1957), Віктару Барабанцаву (1947).
Знакавым можна лічыць творчы шлях мастака з Гомельшчыны, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Гардзеенкі (1936), частка работ якога была напісана з натуры ў 30-кіламетровай зоне адчужэння. Нельга абыйсці ўвагай эпічны жывапіс доктара мастацтвазнаўства і мастака Віктара Шматава (1936–2006), бо дзякуючы яго намаганням у беларускіх музеях былі створаны сектары прадметаў музейнага значэння з рэгіёнаў, пацярпелых ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Развіццё тэмы бачым і ў творах вядомага мастака-манументаліста Віктара Ціханава (1955). Чарнобылю прысвяціла свой твор прадстаўніца беларускай дыяспары ў ЗША Галіна Русак (1930-2000).
У экспазіцыі будуць прадстаўлены творы вядомых гомельскіх мастакоў – заслужаных дзеячаў мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Казакевіча (1934) і Роберта Ландарскага (1936); працягваюць традыцыю гомельскай школы пейзажысты Міхаіл Паповіч (1953), Валерый Сідоркін (1955) і Генадзь Фядотаў (1976).
Да беларусаў далучыліся і мастакі з суседніх краін, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: Аляксандр Філіпаў (1957) і Антаніна Крывічаніна (1975) з Расіі. Аўтары работ з Украіны – народны мастак Украіны Віктар Каральчук (1933) і заслужаны мастак Украины Аляксей Васільевіч Какало (1942), а таксама Валянціна Уладзіміраўна Сачэнка (1968).
Кожны прадстаўлены твор – асобны непаўторны ўнутраны свет мастака з індывідуальным бачаннем, почыркам, лірычным настроем, які стварае атмасферу камернасці і гармоніі. Але ўсіх іх аб’ядноўвае вобразнасць выяўленчай мовы, якая грунтуецца ў першую чаргу на падмурку класічнага жывапісу, любові да каларыту, фігуратыўнасці, пошуках прыгажосці. Таму выстаўка стварае эмацыйнае асяроддзе, правакуе асацыятыўнае мысленне, нараджае вялікую варыятыўнасць успрымання мастацтва.